| |
"Вацлаў
Гавел сустрэўся з Васiлём Быкавым"
газета "Народная Воля" ад
15.09.2001
Як патлумачылi нам чэшскiя сябры,
нягледзячы на тое, што прэзiэнт мае даволi падрабязную iнфармацыю пра
апошнiя выбары ў Мiнску, ён выказаў жаданне даведацца пра сiтуацыю
ў Беларусi не ад палiтыкаў, дыпламатаў цi журналiстаў, а ад асобы,
якая з'яўляецца бясспрэчным маральным аўтарытэтам.
Быкаў прыляцеў з Франкфурта ў Прагу ў дзень, калi адбылася трагедыя ў ЗША;
праграма Гавела на блiжэйшыя днi (ён з'яўляецца Вярхоўным Галоўнакамандуючым)
была скарэктаваная. Тым не менш сустрэча адбылася. Дарэчы, нас правялi ў
працоўныя пакоi прэзiдэнта, чаго звычайна ў дачыненнi да замежнiкаў не робiцца.
Васiль Быкаў сказаў, што на працягу апошнiх гадоў Лукашэнка вынiшчыў вакол
сябе прававую i палiтычную прастору -- Канстытуцыя скасаваная, ягоныя рэальныя
канкурэнты альбо знiшчаныя, альбо ў эмiграцыi. Лукашэнка супрацоўнiчае з
сумнiўнымi рэжымамi, гандлюе зброяй, якая засталася ад Савецкага Саюза. Вынiкi
бясспрэчна сфальсiфiкаваных выбараў прымушаюць меркававць, што яшчэ пяць
гадоў будуць нiшчыцца рэшткi дэмакратыi, а народ будзе паглыбляцца ў бездань
дэпрэсii i застою.
Быкаў падзякаваў прэзiдэнту за тое, што Чэхiя дае палiтычны прытулак актывiстам
беларускай апазiцыi i магчымасць працягваць вучобу студэнтам, якiя выключаны
з беларускiх ВНУ за палiтычную дзейнасць. Быкаў сказаў, што ў гэты момант
для беларускай апазiцыi вельмi важная падтрымка Еўропы i ЗША. "Хаця
трэба разумець, што пакуль дзеяннi дэмакратычнай Еўропы не адэкватныя захадам
лукашэнкаўскага рэжыму, якi не спыняецца нi перад чым", -- дадаў Васiль
Уладзiмiравiч.
Вацлаў Гавел адзначыў, што, сапраўды, шмат якiя беларусы знайшлi ў Празе другi
дом. Выбары ў Беларусi Гавел ацанiў як спосаб усталявання "вельмi аўтарытарнага
рэжыму, якi папiрае грамадзянскiя свабоды. У мiнулыя дзесяцiгоддзi за камунiстамi
мы мелi падобны вопыт у Чэхii". Гавел, аднак, выказаў спадзяванне, што
цяпер у Беларусi больш шанцаў дамагчыся дэмакратыi, чым мелi ў свой час чэхi,
паколькi не iснуе нi савецкай iмперыi, нi Варшаўскага пакта. "Беларускае
грамадства чакае доўгi этап змагання за свае правы, але ў iм яно можа разлiчваць
на нашу падтрымку", -- сказаў прэзiдэнт Чэхii.
Апошнiя словы Гавела выглядаюць не простай фармальнасцю. У днi, калi цывiлiзаваны
свет заяўляе пра абмежаванне стасункаў з афiцыйным Мiнскам, сустрэча аднаго
з найбольш аўтарытэтных i ўплывовых палiтыкаў Захаду з пiсьменнiкам, якi
ў свядомасцi еўрапейцаў увасабляе беларускую нацыю, -- знак таго, што Еўропа
размяжоўвае лукашэнкаўскi рэжым i беларускi народ i бачыць у Беларусi дэмакратычную
перспектыву.
Дарэчы, на працягу апошнiх гадоў Чэхiю наведвалi i сустракалiся з кiраўнiцтвам
краiны Зянон Пазьняк, Iвонка Сурвiлла, Вiнцук Вячорка, Станiслаў Шушкевiч,
Анатоль Лябедзька i шмат якiя беларускiя праваабаронцы.
Падчас трохдзённага знаходжання ў Празе Васiль Быкаў сустрэўся таксама з чэшскiмi
лiтаратарамi, даў iнтэрв'ю карэспандэнтам пражскiх i заходнiх газет, выступiў
у жывым эфiры беларускай службы радыё "Свабода".
Сяргей НАВУМЧЫК, Прага.
|
|