Васiль Быкаў


  Г а л о ў н а я  
  Т в о р ы  
  А р т ы к у л ы  
  Ф о т а  



Быкаў на Свабодзе
Быкаў на Свабодзе

Варты самога сябе

“Столькі намаганьняў пакладзена і дарагога апазыцыйнага часу страчана дзеля стварэньня вобразу Быкава-рэзыстанта, а ён узяў ды памёр”, — падумаў я, атрымаўшы сумную навіну ад знаёмага беларускага палітуцекача, які знайшоў часовы прытулак у Фінляндыі.

На другі дзень, чытаючы ў Інтэрнэце камэнтары на сьмерць пісьменьніка, я раптам пачуў, як нехта ўва мне злосна прашыпеў: “Пасьля цяжкой і працяглай хваробы... апазыцыя панесла непапраўную страту”. “Да-да”, — кіўнуў мне сярэдняга веку аўганец, які разы тры спрабаваў пераходзіць беларускую дзяржаўную мяжу ў раёне Смаргонскага пагранатраду і крыху разумеў па-славянску.

На трэці дзень чорны гумар ува мне пачаў ператварацца ў зялёныя пэстыцыды сарказму, і я ня мог не падумаць: “Вось яшчэ адзін літаратурны “зубр” пакінуў нас, а правільныя гарадзкія хлапцы пакуль так і не перамаглі калхозных рыштантаў-лімітчыкаў...”

На чацьвёрты дзень я пасьпяшаўся вярнуцца да праблемаў уласнага існаваньня: паходаў у горы, вывучэньня бежанскага інтэрнацыяналу, пошукаў жанчыны, пісаньня дзёньнікаў, вершаў і пісьмаў у каралеўскую рэзыдэнцыю... Аднак сёньня, атрымаўшы прывітаньне з “Arche”, я зноў мусіў вярнуцца да пытаньня пра сьмерць вялікіх.

Васіль Быкаў, як ніхто іншы зь пісьменьнікаў яго веку, мужна абараняў сваю Матку-нацыю ад залётнага кабяля-парнографа. Гэта факт. Але факт і тое, што ягонае публічнае стаяньне за Беларусь суправаджалася нязьменным пэсымістычным одумам. Ці не савецкае мінулае ўтрымлівала яго ад патрыятычнай гарачкі апошніх гадоў?


У дыскусіі пра вялікага Быкава трэба ясна бачыць абодва бакі мэдаля. На адным Васіль Уладзіміравіч засядае ў прэзыдыюме зьезду БНФ, крочыць у першых шэрагах дэманстрантаў і дае інтэрвію лібэральным СМІ. На другім ён — звычайны савецкі пісьменьнік, які крыху больш за іншых сказаў пра акопную праўду савецкай вайны.

Калі Быкаў сапраўды назваў салжаніцынскі “Адзін дзень Івана Дзянісавіча” “каляднай казачкай”, то мне такі ягоны пасаж нагадвае заяву Зянона Пазьняка ўзору 96-га наконт таго, ці варта палітыку ісьці на турэмную адседку. Больш за тое, у апошні час Быкаў сам пачаў пісаць казачкі-прыпавесьці. Але — позна: пісаць іх трэба было крыху раней, хоць бы ў 80-я...

Васіль Быкаў — ня мой пісьменьнік (мае — Гарэцкі, Чорны, Колас, Яновіч), тым ня менш, дзякуй яму за тое, што ён не баяўся запэцкацца і мяшаўся ў палітыку.

Быкаў пайшоў. На перадавой зацішша. Вэрбальную зброю павінны ўзяць пакаленьне саракагадовых і маладзейшыя. Вось толькі цікава, як адрэагуе дэмакратычная грамадзкасьць, калі заўтра стане вядома, што атаку на варожае пасольства арганізаваў... беларускі літаратар?


Славамiр Адамовiч
1 жніўня 2003 году, Паўночная Нарвэгія

ARCHE Пачатак, №4 (27) - 2003