Васiль Быкаў


  Г а л о ў н а я  
  Т в о р ы  
  А р т ы к у л ы  
  Ф о т а  



Быкаў на Свабодзе
Быкаў на Свабодзе

Не народны пісьменьнік

Васіль Быкаў быў першым сучасным беларускім пісьменьнікам агульнанацыянальнага маштабу. Яму зусім не пасавалі самыя розныя савецкія пісьменьніцкія атрыбуты, у тым ліку і званьне “народны пісьменьнік Беларусі”. Выглядала б парадоксам, калі б хтосьці назваў Камю, Бёля ці Кундэру “народнымі пісьменьнікамі”. “Народнасьць” — савецкі анахранізм і толькі адна з эстэтычна-ідэалягічных плыняў літаратуры ХІХ стагодзьдзя, якая так і ня сталася эўрапейскай.

Творчасьць Быкава разгортвалася ў агульнаэўрапейскім літаратурным кантэксьце, а яе грунтам быў экзыстэнцыйны досьвед аўтара. А таму творчасьць Быкава іншая ад той, якою яе традыцыйна вызначаюць. Ягоную прозу нельга назваць ні “лейтэнанцкай”, ні “прозай пра вайну”. І ўжо зусім ня ёсьць яна прозай “пра гераізм савецкага воіна-пераможцы”.

Быкаў экзыстэнцыйны ад пачатку і да канца. Вайна, насамрэч, — гэта “памежная сытуацыя”, у якой знаходзіць сябе аўтар і героі ягонай прозы. І ў сваім экзыстэнцыйным, быкаўскім вымярэньні яна — страшны выбар паміж прагным, амаль жывёльным жаданьнем “застацца ў жывых” (Рыбак) і “чалавекам унутры чалавека” (Сотнікаў). Гэта страшны выбар, кошт якому — сьмерць.

БОГ, абставіны (?), лёс (?) падаравалі Быкаву жыцьцё. Можа быць, і дзеля таго, каб ён, першым зь беларусаў, стаўся эўрапейскім беларуска-нацыянальным пісьменьнікам.

Алесь Анціпенка


ARCHE Пачатак, №4 (27) - 2003