![]() |
Быкаў на Свабодзе | Тры
целы беларускага караля Купала і Караткевіч сышлі хутка, як мінае сьвята. Але цыкл скончыўся не на іх. Першае і другое стагодзьдзі беларускага Адраджэньня, дзе год за два, вяршылі Колас ды Быкаў. Зь сьмерцю Быкава для нас скончыліся даўгія 70-я, а разам і век. Пэўныя культуры ў сваім летазьлічэньні датрымліваюцца цыклу месяцу, а ня сонца. Беларускія ўздымы-заняпады таксама не дастасуюцца да грыгарыянскага календара. Што за стагодзьдзе за нашым акном? Было прынамсі тры Быкавы. Першы — клясык савецкай літаратуры. Вялікі стыль, Рэалістычны канон, Духовасьць, Праўда, Народ — усё зь вялікай літары. Быкаў — адзін зь нямногіх, хто вытрымліваў без выдаткаў для творчасьці патас азначэньня “беларускі савецкі пісьменьнік”. “Літаратары” ж за іроніяй маскавалі разгубленасьць перад засьнежанымі вяршынямі школьных хрэстаматый ды лысагорскай легенды, крыўдавалі на гэтага Быкава за касмапалітызм, за русізмы і, што хаваць, нават за слова “хлопцы”, а ня “мальцы”, як прынята ў нас на Полаччыне — Вушаччыне. У пакаленьня “Фанты” былі свае рахубы да клясыка — нуда школьных урокаў, корпаньне ў “нацыянальным характары” Петрака і Сьцепаніды, а насамрэч — у комплексе самасьцьвярджэньня правінцыйнага літаратуразнаўства Беларусі. Моцна раскручаны паводле канонаў савецкай літаратурнай іканаграфічнай традыцыі, Быкаў-савецкі-клясык меў і ідэалягічны рэвэрс — рэпутацыю гнанага, рэжучага акопную праўду-матку салдата, які калі й піў, дык “з ідэяй”. Бальшавікі ўмелі рабіць біяграфію паэту. Што магла заходняя сыстэма вырабляць з творцаў, дык гэта штампаваць Эдзічкаў Лімонавых. Бродзкіх жа і Салжаніцыных яна экспартавала ўжо ў сфармаваным як брэнд выглядзе. Сакрэт вырабу паэтаў-прарокаў незваротна згублены. Другая, перабудовачная, іпастась Быкава —
апостал... Час стагодзьдзі, як касой, сьцінае, Калі сонца выб’ецца з туману, праграмаваў далейшае разгортваньне беларускай гісторыі ў адным з сваіх апошніх вершаў, прысьвечаным, дарэчы, Быкаву, Уладзімер Караткевіч. І незабавам зьяўляецца Зянон Пазьняк. Але мэсіі патрэбны прадцеча, Іван Ксьціцель, які б злучыў сваім аўтарытэтам філялягічнае пакаленьне беларускай інтэлігенцыі з Добрай весткай геапалітычнай каньюнктуры. Новае пакліканьне трансфармуе творчасьць Быкава. Няма больш хадульных “нацыянальных характараў”, ёсьць Голас, пазнавальная мабілізуючая інтанацыя тугі, якую мы ведаем з твораў Багдановіча і Гарэцкага. Гэты час быў плённы для пісьменьніка на публіцыстыку ды калектыўныя звароты. Пасьля адкату Зянона Пазьняка за “франт’еру” мэнэджэрам ідэалягічнага капіталу Быкава робіцца Дубавец. Прынамсі, так выглядала збоку актыўнасьць з нобэлеўкай. З гэтага часу паўстае новы Быкаў, нашанівец ды экзыстэнцыяліст, выгнаньнік, канвэртабэльны аўтар эўрапейскага фармату. Сапраўды, аповесьці Быкава глядзеліся “акуратнымі эўрапейскімі раманамі” ў кантэксьце заходняга літпрацэсу, дзе слова “раман” даўно ўжо зь літаратуразнаўчага зрабілася паліграфічным тэрмінам. Позьні Быкаў — ляканізм і мэтафорыка прыпавесьці. З гэтым Быкавам сучасныя літаратары любілі мерацца ў актуальнасьці, цешачыся, як дзеці, што і ў іх так палучаецца. Сапраўды, сярэдняму беларускаму літаратару мэтафарычнасьці не пазычаць. Сьмерць пісьменьніка скаланула грамадзтва. Пахавальная працэсія ператварылася ў стыхійную дэманстрацыю. Нават форумы Байнэту, досыць індыфэрэнтныя звычайна да літаратурнай тэматыкі, адлюстравалі гэтую неабыякавасьць. Скончылася эпоха. Мы ўглядаемся ў новыя
групавыя здымкі беларускай эліты, але сучасьнікі пасьпелі неяк скурчыцца
ў засені вялікіх імёнаў. Ці, можа, мы страцілі здатнасьць пазнаваць
караля. Кароль памёр?
|