| |
"Сэрца
над Пражскiм Градам"
газета "Народная Воля" ад
14.12.2002
Васiль Быкаў будзе жыць у Чэхii
"Помаявшись в Европе, Быков вернется домой. Там он не нужен никому". Сяргей
КАСЦЯН, дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь.
"Даць Васiлю Быкаву i ягонай жонцы магчымасць жыць у Чэхii -- гэта не толькi
наш абавязак, гэта вялiкi гонар для нашай дзяржавы". Вацлаў ГАВЕЛ, прэзiдэнт
Чэхii.
У апошнiя днi Чэхiя паказала, хто ў Еўропе сапраўды не патрэбны, а каго тут
чакаюць. Год таму Вацлаў Гавел сказаў Васiлю Быкаву, што ў ягонай асобе ён
вiтае дэмакратычную Беларусь. Калi дадаць, што цягам апошнiх гадоў гасцямi
ў Пражскiм Градзе былi Iвонка Сурвiлла, Зянон Пазняк, Станiслаў Шушкевiч,
лiдэры дэмакратычных партый, -- дык зразумела, што чакаюць у Еўропе тых,
хто ўвасабляе iмкненнi беларускага народа да незалежнасцi i свабоды.
У Еўропе сапраўды даўно чакаюць Беларусь. Праўда, без некаторых адыёзных асобаў.
З гэтага тыдня Васiль Быкаў разам з жонкай маюць бестэрмiновую чэшскую вiзу,
будуць стала жыць у Чэхii, але гэта -- не палiтычны прытулак. Застаючыся
беларускiмi грамадзянамi, яны, канешне, будуць наведваць Радзiму. Дзе, акрамя
блiзкiх i сяброў, Быкава сустракае i цкаванне з боку працiўнiкаў незалежнасцi
Беларусi, дэмакратыi, свабоды слова, усяго таго, што Быкаў абараняў i што
ён у свядомасцi еўрапейцаў сiмвалiзуе.
Нашчадкi ўладароў i праз стагоддзi вымушаны
апраўдвацца за дзеяннi сваiх продкаў i, што паказальна, не толькi за
войны цi забойствы апанентаў, а i за цкаванне вялiкiх творцаў. Ужо зразумела,
што адным з найбольш сур'ёзных абвiнавачванняў Лукашэнку будзе арганiзавана
ягоным прапагандысцкiм атачэннем цкаванне Быкава.
Летась у вераснi прэзiдэнт Чэхii падпiсаў мне кнiгу, намаляваўшы абрысы сэрца.
Аказваецца, сэрца -- гэта пастаянны элемент подпiсу Гавела. Цяпер, калi Васiль
Уладзiмiравiч i Iрына Мiхайлаўна прыехалi ў Прагу, над прэзiдэнцкiм палацам
у Пражскiм Градзе запалiўся чырвоны неонавы абрыс сэрца -- Вацлаў Гавел,
якi праз некалькi тыдняў сыходзiць з пасады прэзiдэнта, гэткiм чынам вiтае
суайчыннiкаў i гасцей старажытнай Прагi ў перадкалядныя днi.
А якая выява пасуе для прэзiдэнцкай рэзiдэнцыi ў Мiнску?
Сяргей НАВУМЧЫК.
Прага.
|
|