| |
Усенародны,
беларуска-савецкі
З Васілём Быкавым адышла ў нябыт цэлая эпоха нашай культуры: ільга сказаць, што
зь ягонай сьмерцю канчаткова сталася гісторыяй беларуская савецкая літаратура
— прынамсі тое лепшае, што было ў ёй створана. У апошні час Быкава імкнуліся
прэзэнтаваць як выключна беларускага пісьменьніка, дый сам ён шчыра імкнуўся
ім быць, але наколькі гэта ў яго выходзіла — пытаньне. Гэтаксама як нябожчык
Мулявін быў беларуска-савецкім, а такім чынам і “ўсенародным” музыкам, гэтак
і Быкаў быў усенародным, беларуска-савецкім пісьменьнікам. У гэтым, бадай, —
ягоная найбольшая трагедыя, аднолькавая з трагедыяй усіх беларусаў. Нездарма
абедзьве сьмерці, Мулявіна й Быкава, здолелі культурна зьяднаць беларусаў — як
“сьвядомых”, так і “саўкоў” — у адзін народ. Хтосьці ганарыцца імі за іхную беларускасьць,
хтосьці — за іхную ўсесаюзную прызнанасьць, што таксама ёсьць формай (а можа,
і неаддзельным складнікам) нацыянальнага гонару. Таму ўсе спробы “падзяліць Быкава”,
прысвойтаць яго сабе й адабраць яго ў астатніх — камічныя й зьневажальныя для
ягонай памяці: яны нагадваюць нейкі палітычны маскарад, штосьці накшталт сутычкі
дзьвюх груповак футбольных хуліганаў, якім не спадабаўся нічыйны вынік матчу.
Сьмерць нібыта павінна змушаць забывацца аб палітычных сварках — у нас жа, наадварот,
яны толькі ўзмацніліся, што можа сьведчыць адно аб адсутнасьці нацыянальнай культуры
пахаваньня. А можа, не дарасьлі мы да Быкава? Дзяржава не дарасла да разуменьня
ані ягонай палітычнай пазыцыі, ані таго, што раскоша мець ворага ў асобе такога
вялікага чалавека можа дорага каштаваць. Апазыцыя не дарасла да разуменьня таго,
што на Быкава маюць права ўсе, а ня толькі тыя, хто стаіць пад бел-чырвона-белым
ці пад чырвоным (пад якім ён, як ні круці, ваяваў) сьцягамі. Безумоўна, былі
часы, калі пахаваньні пэўных “неўпадабаных” асобаў ператвараліся ў стыхійныя
(!) палітычныя маніфэстацыі, але ў такіх выпадках прадстаўнікі дзяржавы не дасылалі
нябожчыку вянкоў ды не хавалі яго за дзяржаўныя грошы. У выпадку з пахаваньнем
Быкава стыхійнай палітычнай маніфэстацыі, нягледзячы на ўсю шырыню падрыхтоўкі
да яе, дзякуй богу, ня выйшла. Было стыхійнае, палітычна неакрэсьленае й насамрэч
жалобнае шэсьце, якое адвеку было сымбалем нацыі: “А хто там ідзе...” Шкада,
што ў нейкі сымбаль паспрабавалі ператварыць і самога нябожчыка, што было цалкам
празьмерным: сымбалем ён стаўся ўжо пры жыцьці. Пасьля сьмерці ён таксама застаецца
сымбалем, знакам калі не бяды, дык паняверкі: што далей? Адчуваньне, як пасьля
такога самага хаўтурнага шэсьця ў апошняй сцэне “Гамлета”: п’еса скончаная, дадаць
няма чаго. Варта аддаць належнае акторам, пайсьці дамоў, яшчэ раз перачытаць
тэкст, задумацца над ім і паспрабаваць яго зразумець.
Максім Шчур
ARCHE Пачатак, №4 (27) - 2003
|
|