Васiль Быкаў


  Г а л о ў н а я  
  Т в о р ы  
  А р т ы к у л ы  
  Ф о т а  



Быкаў на Свабодзе
Быкаў на Свабодзе

Галоўнае - здзейснена

19 кастрычнiка 1988 года на ўстаноўчы сход Беларускага камiтэта памяцi ахвяр сталiнiзму ("Камiтэт 58" - паводле нумару артыкула крымiнальнага кодэкса, па якiм рэпрэсiравалi мiльёны людзей) я прыехаў з Вiцебска разам з Тадзiянай Кляшторнай - адной з дачок расстралянага ў Курапатах паэта Тодара Кляшторнага.

На шчасце, у Дом кiно (ён знаходзiўся тады ў Чырвоным касцёле) прыхапiў з сабой дыктафон. Стужка захавалася - вось фрагменты.

Вёў сход пiсьменнiк Мiхась Дубянецкi, уступнае слова сказаў Васiль БЫКАЎ.

БЫКАЎ: - На працягу стагоддзяў наш народ моўчкi цярпеў прыгнёт. Лiў сваю кроў, ахвяраваў мiльёнамi жыццяў i - маўчаў. Маўчаў, бо ягоныя гiсторыкi пазбавiлi яго праўдзiвай гiсторыяграфii, яго фiлосафы ўнушалi яму фальшывую iдэю аб мудрай правiльнасцi ягонага бязмежнага цярпення. Ягоныя рыцары прыгожага пiсьменства спаборнiчалi мiж сабой аб тым, хто найлепш апяе тое, што варта было выбуху гневу i абурэння. Ягоныя палiтыкi i дзяржаўныя дзеячы былi пазбаўленыя ўласнай палiтыкi, магчымасцi дзейнiчаць на карысць народа, а шмат хто з iх сам стаў ахвярай тэрору, уласнай слепаты i памылковых поглядаў.

Але мы болей не хочам жыць, каб не памятаць як аб нашым гонары, так i аб нашых ахвярах, нашых пакутнiках. Урэшце прыйшоў час сказаць людзям праўду i зрабiць з яе пэўныя высновы. Найперш праўду трэба сказаць пра мiльёны безымянных людзей Беларусi, рабочых, калгаснiкаў, iнтэлiгентаў з народа, беларусаў, рускiх, палякаў, яўрэяў, людзей iншых нацыянальнасцяў, панiшчаных у гады сталiншчыны без вiны, без права, без следу ў народнай памяцi. Сiмвалам тых, панiшчаных, сёння сталi ўжо славутыя Курапаты. Але Курапаты толькi адна кропля ў моры людской крывi.

Мы павiнны таксама назваць iмёны катаў нашых ахвяр. Хто былi гэтыя нелюдзi? Як даўно вядома, кат i ахвяра iнфернальным чынам звязаныя мiж сабой, i чалавецтва павiнна ведаць i памятаць абодвух. Гэта патрэбна ў iмя справядлiвасцi, у iмя дэмакратыi, у iмя нашай будучынi. У тым наш святы абавязак перад гiсторыяй, маральны абавязак перад наступнымi пакаленнямi, каб iм не давялося дакараць нас за тое, што мы мелi магчымасцi i ўпусцiлi яе. Мабыць, нiхто з нашых папярэднiкаў не меў такой магчымасцi, якую лёс цi гiсторыя далi нам, i было б найвялiкшай гiстарычнай несправядлiвасцю не выкарыстаць яе...

Мы павiнны скласцi велiчны мартыралог нашых страт i нашых пакутнiкаў. Гэта ляжа вуглавым камянём у падмурку нацыянальнай свядомасцi, стане важным элементам гiстарычнай памяцi i гарантам. Гарантам будучынi народа, якi праз генацыд, кроў i знявагу з упартасцю асуджанага рвецца да сонца, дабра i справядлiвасцi.

На сходзе вырашылi стварыць Таварыства памяцi ахвяр сталiнскiх рэпрэсiй "Мартыралог Беларусi". Было зразумела, што мэты новай арганiзацыi павiнны быць значна шырэйшыя, чым адно толькi аднаўленне гiстарычнай справядлiвасцi. Калi прыступiлi да вылучэння кандыдатуры старшынi "Мартыралогу", Васiль Быкаў зазначыў, што старшыня павiнен валодаць шмат якiмi якасцямi.

БЫКАЎ: - Апроч таго, што вельмi важна, гэты чалавек павiнен быць пазбаўлены таго вялiзнага недахопу, якi ёсць ва ўсiх нас, якi выхаваны ўсiмi папярэднiмi гадамi - ён павiнен быць пазбаўлены страху. Найперш страху перад начальствам. I такiм чалавекам - я думаю, што вы мяне падтрымаеце, - я назаву Зянона Станiслававiча Пазьняка.

Ад таго, хто стане на чале "Мартыралога", залежала, чым скончыцца гэты сход, цi будзе пастаўлена прапанова пра стварэнне Народнага Фронту. Пазней я чуў i ад Быкава, i ад Пазьняка, што толькi тры чалавекi ведалi пра сапраўдную мэту сходу - утварэнне Народнага Фронту: Быкаў, Пазьняк i Дубянецкi. Але спадзяваннi на яго стварэньне былi, пэўна, у большасцi ўдзельнiкаў - акрамя тых, хто прыйшоў па разнарадцы ЦК КПБ i гаркама партыi, каб "сарваць" i "не дапусцiць". Менавiта iх кандыдатура Пазьняка не задавальняла. Перашкодзiць галасаванню спрабаваў намеснiк загадчыка аддзела культуры ЦК КПБ Расцiслаў Бузук, якi настойлiва iмкнуўся накiраваць сход у бок дарэмных дэбатаў. Але тады Васiль Уладзiмiравiч забраў мiкрафон сабе:

БЫКАЎ: - Наступнае, што павiнна быць: хто супраць кандыдатуры? Прашу падняць рукi! Хто ўстрымаўся? Няма! Усё!

У 22 гадзIны 15 хвIлIн Зянон Пазьняк нагадаў, што у зале ўжо гучалi прапановы пра стварэнне Народнага Фронту.

ПАЗЬНЯК: - Я выстаўляю на галасаванне наступную прапанову: утварыць пры таварыстве "Мартыралог" арганiзацыйны камiтэт па стварэннi Беларускага Народнага Фронту за перабудову "Адраджэньне".

Адразу ж быў i ўтвораны аргкамiтэт БНФ, якому давядзецца стварыць першы за дзесяцiгоддзi грамадскага маўчання дэмакратычны рух за новую Беларусь.

***

Калi сёння чуеш, што Фронт "недавыканаў" сваю мiсiю, а Пазьняк нiбыта меў такiя ж стартавыя магчымасцi, што i iншыя дэмакратычныя лiдэры краiн сацлагера i экс-рэспублiк СССР, якiя сталi прэзiдэнтамi (а ён жа вось iм не стаў!) - прыгадваецца адна акалiчнасць.

Па шмат якiх пазiцыях - эканамiчных, геапалiтычных, сацыяльных - тагачасная БССР была наперадзе не толькi сваiх суседзяў па СССР, але i некаторых краiн Усходняй Еўропы.

Але быў адзiн паказчык, па якiм Беларусь непараўнальна адставала лiтаральна ад усiх, - узровень нацыянальнай свядомасцi.

I гэты фактар, якi шмат хто лiчыў (i цяпер лiчыць) неiстотным, у вынiку стаў вызначальным.

Леху Валенсу ды Вацлаву Гавелу не трэба было дамагацца суверэнiтэту для сваiх народаў. На Вiтаутаса Ландсбергiса лiтоўцы не глядзелi, як на вар'ята, калi ён патрабаваў незалежнасцi - за гэтую незалежнасць лiтоўцы выходзiлi на вулiцы сотнямi тысяч i гатовыя былi правесцi зiму ў халодных кватэрах без "расiйскага цяпла". Тое ж - латышы i эстонцы. Армяне нiколi б не абвiнавацiлi Тэр-Петрасяна ў экстрэмiзме за тое, што ён лiчыў патрэбным вучыць дзяцей на iх роднай мове.

Вось такiя былi "стартавыя пазiцыi" ў iншых краiнах i рэспублiках.

Не варта забываць, што ў 1988 годзе пра незалежную Беларусь казалi толькi некалькi дзясяткаў чалавек. I менавiта лiдэру БНФ на працягу некалькiх гадоў змагання за суверэнiтэт i нацыянальнае адраджэнне давялося даказваць тое, што чэхам, лiтоўцам, палякам, эстонцам, латышам было зразумела адразу.

I адначасна - прымаць на сябе ўдары магутнай прапагандысцкай машыны.

У такой сiтуацыi выйграць выбары было вельмi i вельмi праблематычна (зрэшты, асабiста я лiчу, што калi б не КДБ, не "маладыя ваўкi" з iх праiмперскiм Лукашэнкам, шанец быў бы).

I ўсё ж не здарма збiралiся мы тады ў Чырвоным касцёле. Галоўную сваю мiсiю Фронт выканаў - дамогся для Беларусi Незалежнасцi. У свеце яшчэ ёсць дзесяткi народаў, якiя пра сваю дзяржаўнасць толькi мараць.

А калi ёсць Незалежнасць, астатняе - прыкладзецца.

Сяргей НАВУМЧЫК, Прага.


Народная Воля, №199 (21.10.2003)