![]() |
Быкаў на Свабодзе | Вядомыя
беларусы пра Быкава: "Ён заўсёды гаварыў праўду". (Вінцук Вячорка: ) “Не хачу быць банальным, таму скажу пра канкрэтны эпізод. 19 кастрычніка 1988 году, калі Беларусь, як мы цяпер разумеем, азіраючыся назад, уступіла ў новую эпоху – у эпоху праўды. Менавіта тое, што ў Чырвоным касьцёле тады быў Быкаў, што ён заняў абсалютна цьвёрдую, перакананую, валявую пазыцыю рассыпала ў порах любыя надзеі тагачасных партакратаў спыніць хаду гісторыі. Быкаў – гэта шкала, паводле якой я вымяраю й буду вымяраць усё тое, што спрабую рабіць. Як і тое, што адбываецца вакол нас, што адбываецца з Беларусьсю”. (Леанід Дранько-Майсюк: ) “Вялікі мастак, вялікі філёзаф, вялікі грамадзянін – вось маё ўспрыманьне Васіля Ўладзімеравіча Быкава. Усім нам, беларусам, трэба прызнаць, што на сёньняшні дзень мы як нацыя разьяднаныя. Але абавязкова прыйдзе тая часіна, калі пад уплывам асобы Васіля Быкава, пад уплывам ягонай постаці, а перадусім пад уплывам яго вялікай мастацкай спадчыны мы як нацыя аб’яднаемся ў адно цэлае, непарыўнае”. (Валянцін Тарас: ) “Недзе пачынаючы з 60-х гадоў усе мае ўчынкі вымяраліся для мяне асабіста – “як гэта ацэніць Васіль?”. Ён часам і ацэньваў, але так вельмі далікатна, мякка – ён ніколі ня быў мэнтарам ні для каго абсалютна. Васіль Быкаў для Беларусі, для ўсіх нас, ды і для людзтва – чалавек на ўсе часы”. (Уладзімер Халіп: ) “Мне вельмі пашчасьціла:
я нарадзіўся ва Ўшацкім раёне, у вёсцы Дворпліна. Гэта якраз напаўдарозе
паміж Барадуліным і Быкавым. І таму для мяне з самага маленства Быкаў
быў найгалоўнейшым аўтарытэтам. Ён заўсёды быў для нашай зямлі сапраўдным
прарокам, ён заўсёды гаварыў праўду”.
|