![]() |
Быкаў на Свабодзе | Васіль
Быкаў вярнуўся ў Беларусь Вядомы пісьменьнік Васіль Быкаў,
які жыў пяць апошніх гадоў за мяжой, вярнуўся ў Беларусь. Пра гэта
«Интерфаксу» ў пятніцу паведамілі ў Партыі БНФ «Адраджэньне». Паводле
крыніцаў, якія заслугоўваюць даверу, Васіль Быкаў плянуе прайсьці курс
лячэньня ў адной зь лякарняў Менску. На дадзены час «пісьменьнік знаходзіцца
дома і кантактуе з абмежаваным колам асобаў». 19 чэрвеня Быкаву споўніцца
79 гадоў. Васіль Быкаў па запрашэньні міжнароднага ПЭН-цэнтру пражываў у Фінляндыі, Нямеччыне, а таксама па асабістым запрашэньні Вацлава Гавэла лячыўся ў адной з праскіх лякарняў. Нагадаем, што ў сьнежні леташнега году Васіль Быкаў пераехаў на сталае жыхарства ў Чэхію. Тады пісьменьнік сказаў, што ён “даўно марыў пасяліцца ў Чэхіі, заўсёды меў сымпатыю да гэтай краіны і яе грамадзянаў”. Паводле пісьменьніка, ён быў поўны рашучасьці вывучаць чэскую мову. У рашэньні праблемы пераезду Быкава ў Чэхію актыўны ўдзел прымала канцылярыя чэскага прэзыдэнта і асабіста Вацлаў Гавэл. Некалькі апошніх гадоў герой Сацыялістычнай Працы, ляўрэат Ленінскай прэміі, народны пісьменьнік Беларусі пражываў у ФРГ, а да гэтага ў Фінляндыі. Вядомасьць Васілю Быкаву прынесла аповесьць "Трэцяя ракета", напісаная ў 1962 годзе. У 1960-е ён публікуе аповесьці "Альпійская балада", "Мёртвым не баліць", у 1970-е - "Сотнікаў", "Абеліск", "Дажыць да світання", "Пайсці і не вярнуцца". Гэтыя творы паставілі Васіля Быкава ў адзін шэраг з выдатнымі майстрамі ваеннай прозы ХХ стагодзьдзя. У 1983 годзе апублікаваная аповесьць “Знак бяды”, якая атрымала ў 1986 Ленінскую прэмію.
|