Г а л о ў н а я  
  Т в о р ы  
  А р т ы к у л ы  
  Ф о т а  

Ён недзе тут...

I ява iсная, i цуд!..
Ён недзе тут. Ну так, ён недзе тут.
Ён побач, поплеч ён,
                  ён з намi -
знаёмымi, сябрамi i сынамi.
З Iрынаю сваёй, сваёй краiнай,
па-летняму то светлай, то журлiвай.

Вы кажаце пра той апошнi шлях,
пра тыя смутак, поспач, боль i жах.
Вы кажаце: вяртаўся ён дадому,
дадому нёс свае любоў i стому.
Ды, кажаце, сустрэў яго не дом,
а дол яго прыняў, халодны дол.

Вы кажаце: вяртаюцца здалёку,
ды не вяртаюцца зглыбоку-змроку.
Ды ён не там, дзе змрок, дзе тлен i тло.
Ён тут, дзе дух жывы, дзе рух i дзе святло.

Не, ён не там, ён недзе тут, ён з намi.
Такi, якiм яго мы зналi,
якiм яго мы бачылi i чулi,
якога не ўзялi асколкi, кулi,
агонь пякельны i сыры акоп.
А потым - шальмаваннi i паклёп.

Ён тут. Хаця яшчэ ў сорак чацвёртым
яго ўжо абвяшчалi мёртвым.
Ды ён ажыў. I ўваскрашаў другiх
вадою жыватворнай сваiх кнiг.

Не, ён не там, ён тут,
                  ён з намi.
Такi ж, якiм яго мы зналi, -
суровы i прыветны, ветлы,
пахмурны, змрочны ды i светлы,
ласкавы i патрабавальны,
зацяты i ўседаравальны...

Не, ён не там, ён тут,
                  ён недзе тут.
Як - адначасна - з'явiшча i цуд.
Я вам кажу, што тут ён недзе,
на гэтым свеце i ў гэтым леце,
на беразе жывой ракi...
Цяпер, заўсёды i на ўсе вякi.

Ён недзе тут...
I хай свяцiцца iмя яго!

Анатоль ВЯРЦIНСКI
17-19 чэрвеня 2004

 

Анёл зьявіўся ў Беларусі

Нечысьць на зямлю бяду наклікала.
Перагарадзіла белы дзень гара.
Засталася Беларусь бяз Быкава -
Беднай хатай
Без Гаспадара.

Рыгор БАРАДУЛIН
22 чэрвеня 2003 г.

 

***
Даруй, Васіль, за ўсё, што перанёс,
За ворагам нанесеныя раны,
За брудныя пляўкі з тэлеэкрану,
За сьлёзы ўшацкіх сьсечаных бяроз.
Даруй, што ўсе свае зямныя дні
Ты азіраўся з горыччу міжволі
На памяці закінутае поле
І спадзяваньня спаленыя пні.
Даруй за наш нялітасьцівы час,
За ціхае кананьне роднай мовы,
За ўдзячнасьці запозьненыя словы.

Генадзь БУРАЎКIН

 

Сумленьне.
На сьмерць Васіля Быкава


Не наступаў я на горла песьні сваёй,
Тым болей — чужой,
Бо ведаў, што немагчыма
Гэткае зьдзейсьніць сіле любой
Ні горлам луджоным,
Ні вызьверанымі вачыма,
Ні фараонам розных масьцей,
Ні ў старажытным Эгіпце,
Ні ў Рыме першым, другім,
Ні ў трэцім.
Ні ў прастольным Крамлі,
Што шырыцца любіць хутчэй,
Ні ў хмарачосістым Вашынгтоне,
Што езьдзіць у залатой карэце.
Ні цяпер,
Ні ў наступным,
Ані ў мінулым,
I калі нават сьвет увесь закрычыць,
Захлынуўшыся ўласным гулам,
Я ніколі ня верыў,
Што музы могуць маўчаць,
Калі
Прамаўляюць тамагаўкі
Альбо гарматы.
I калі нават атамны сьмерч
Спрабаваў стрэсьці мозг зямлі,
Сумленьне й толькі сумленьне
Ратавала Сусьвет ад страты.
Я ведаў,
Што велічы на зямлі
Няма ніякой.
Ёсьць Людзтва
I вышэй за Людзтва
Няма нічога.
Я зноў пераканаўся ў гэтым,
Калі Вечнасьць забрала з сабой
Чалавека,
Ў каго сумленьне,
Як дар нятленны
Ад Бога.

Зелімхан ЯНДАРБIЕЎ
На беларускую пераклаў Рыгор БАРАДУЛIН

 

Васiлю Быкаву

Час стагоддзі, як касой сцінае,
Веры, царствы, догмы йдуць да ценяў...
Усё мінае - Гонар не мінае,
Бо народжаны адным сумленнем.

Калі сонца выб'ецца з туману,
Толькі іх і ўспомніць хор народаў,
Воінаў сваіх, святых і зраненых,
Рыцараў сумлення і свабоды.

Уладзiмер КАРАТКЕВIЧ