| Салдацкі лёс
Дыялог з нагоды
— Гэй, цесля, перакур!
— Перакур, кажу. Пашкадуй сякеру!
— А-а! А я і не пазнаў. Гляджу, думаю, хто такі? Ну чакай, зараз злезу.
— Памагчы мо?
— Ну што ты? Я сам... Прывык, так што... Здалёку ідзеш?
— Ды з раёна. Чую, цюк-цюк. Гляджу, знаёмая галава тырчыць. Думаю, зазірну
на хвіліну.
— Ну здароў! Калі так...
— Здароў! Глядзі, ладная дамоўка. З трысценам?
— З трысценам. Хай на яго. Трэба! Старая саўсём ужо струхлела, думаю,
хоць на старасці ў новай пажыць. Ды і сын...
— Што, можа, ажаніўся?
— Не яшчэ, але, знаеш, збіраецца. Дзейсцвіцельную адслужыў жа. У сіле
дзяцюк.
— Глядзі ты! А памятаю, нядаўна во такі быў.
— Яно здаецца — нядаўна. А гады ідуць.
— Ды ўжо ж.
— Дык сядзем. Калі перакур, кажаш. Не спяшаешся ж? Во на бервяно гэта.
Гладкае. Курыш?
— Можа, маіх? Свежанькіх?
— Гэта якія? А, балгарскія. Не, я свае, памірскія. Ад іх, кажуць, крэпасць
у нагах.
— Праўда? Не чуў. А ты чаго кульбу не зменіш? Цяпер жа пратэзы робяць
— лепш за ўласныя.
— Ат, прывык. Ды і не збяруся. Пастройка гэтая... Усе жылы выцягнула.
— Аднаму — жах! Як гэта ты адважыўся? Рызыковы чалавек. Хаця ваяка ж!
— Рызыковы — не рызыковы, а што зробіш? Праўда, не хачу хлусіць — зрубіць
сын памог. Браў водпуск. Дый сябрук адзін — з вайны яшчэ — памог. Мікалаіхі,
што з Асавіння, брат. Мо ведаеш?
— Ну, калі сябрукі не забываюць, то паўбяды.
— Як табе сказаць? Папрасіў — памог. Выхадных са тры падзёўбалі. Самшылі.
А ў цябе ж — новая?
— Дзе там — новая! У старой жыву. Перакрыў толькі тым летам.
— Шыфер?
— Не, які шыфер! Дранкай.
— А ў нас дык многія шыфер падаставалі. Фёдар — брыгадзір і Тэклін прымак
гэты, што з трактарам у азярко зваліўся. Не чуў такую сабыцію?
— Гэта вясной?
— Ну. Дастаюць недзе, халеры.
— Канешне,дастаюць. Тыя, хто талент маюць, як кажа наш дзед Лявон...
— Глядзі, жывы яшчэ?
— Жыве. Што яму. Нас з табой перажыве. Дык, кажа, талент трэба. Кожнаму
ў жыцці выпадае па яго таленту. Што зрабіў — тое і палучай.
— Ну, не кажы! Тут я не згодны. Талент — талентам, а і лёс не мінай. Ці
там случай. Ён тожа, брат, многа значыць. Часам, што чорт з шапкі выме,
тое і будзе. У цябе вунь двайня, а ў мяне во, бач, кульба. Дзерава! Думаеш,
яна мала мяне памучыла? Ого! Двойчы рэзалі. Як пілуюць — не чутно, бо
ўсыпляюць. Затое пасля — хоць на сцяну лезь. А Краўчонак вунь гойсае на
дзвюх ды яшчэ з ордэнам. А разам, у адной роце, ваявалі.
— Гэта які Краўчонак? З Замошша?
— Ну а які ж! Ордэн Леніна атрымаў. За Кішынёў. А бывала, трусаваты быў.
Яшчэ я падганяў усё. Зямляк жа.
— Ну, мусіць, гэта ты загібаеш. Каб трусаваты, не далі б.
— Не верыш? Яй-богу, не хлушу. Далі — было за што, гэта праўда. Але тут,
браце, болей чорт ці выпадак паспрыяў. Я ж ведаю. На маіх вачах усё было.
— Гэты ці не ў Ясса-Кішынёўскую?
— Ну! Узводны паслаў трох — сяржанта Дзянісава, мяне і гэтага Краўчонка.
Лінію зматвалі. Якраз цераз лес дарожка ішла. Лес, скажу табе, спрэс дубовы,
мацнецкі лясок. Дубы аж да неба і падлесак ладны. Ідзем. Дзянісаў наперадзе,
слаўны такі хлапец, сібірак, малады яшчэ, а геройскі, два ордэны меў,
камандзірам быў лінейнага аддзялення. За ім я — кручу на шпульку, а шпулька
старая, халера на яе, усё заядае, шасцяронка спрацаваная.
— Трафейная, мусіць?
— Не, шпулька свая, памятаю. А кабель, праўда, трафейны. Чырвоны. У наступленні
яго процьма. Мы не вельмі і даражылі ім, калі дык і не зматвалі, адключыш
апараты і далей. На новым месцы знойдзем і кабель.
— Во як! А мы, памятаю, у абароне на калючым дроце працавалі. Замест кабелю
— калючкі ў траншэі і нічога — балакае начальства.
— Дык то ж у абароне. У абароне на ўсё ліміт: на харч, снарады, махорку
нават. У наступленні ж наконт гэтага раздольна. I шнапсу трапляла нават.
Дык лінію тую трэба б кінуць, і ўсё. Але Дзянісаў не даў. Загадана, кажа,
значыць, трэба выканаць. Службіст быў. Ну ідзем і матаем. Краўчонак поўныя
шпулькі нясе. Ужо, напэўна, вярсты са дзве знялі, у Краўчонка тры цэлых
шпулькі, у мяне амаль поўная. I Краўчонак усё азіраецца, вядома ж, боязна
ісці ззаду. А скажу табе, немчуры там поўна было. Абкружылі ж іх пад Кішынёвам...
— А, чуў. Лектар неяк казаў. Быццам пятнаццаць тысяч.
— Гэ, пятнаццаць! Дрэнна ён тады ведае, твой лектар. У цябе гарыць?..
Халера, някрэпкія сталі сігарэты, ды і не гараць. Падмочаныя, ці што?..
Пятнаццаць? Усе трыццаць. Ці нават пяцьдзесят. Яны, брат, як ваўкі, паразбягаліся,
хто куды. Каторыя, праўда, у палон здаваліся, а каторыя — эсэсаўцы, власаўцы
ці там начальства, — тыя ўсё на захад, напралом да сваіх. З гэтымі ў нас
стычкі былі ого! Браце ты мой! Камандзіра брыгады там параніла. Ага, дык
ідзем, значыць, і чуем, быццам за кустамі тожа хтосьці нібыта брыдзе.
Прыслухаліся — сціхла, быццам і няма нікога. Толькі зноў рушылі, Дзянісаў
як крыкне: «Хальт!» Я, знаеш, за шпулькай так і прысеў. А Краўчонак ужо
ляжыць. I тут, бачым, у кустах як ірванецца — чалавек з пяць. Наўцёк.
Я толькі спіну аднаго ўбачыў — блізка, во як да зруба. Шапка іхняя і шынель
з чорным каўняром. Я шпульку ўбок і за аўтамат. А Дзянісаў: «Стой, — кажа.
— Так возьмем». I чаргой па дубах — ажно кара пасыпалася. Верхам браў,
значыць. I сам туды, у кусты. Я за ім. О, чакай, брыгадзір коціць. Фёдар!
Фёд! Дык гэта наконт каня як?
— На калі?
— На заўтра ранічкай...
— Заўтра не будзе. Заўтра ветправерка. На яшчур.
— Во хай яе. Ну, можа, пад вечар?
— Кажу, заўтра нельга.
— Калі ж тады?
— Пройдзе праверка, пасля. Цяпер некалі.
— Ну канечне ж, некалі яму. Пагнаў у Стайнікі да Іллючонка чымергес піць.
Не відно хіба. Да...
— Ну што ж... I выпіць трэба.
— Трэба! Хто кажа — не трэба? Гледзячы калі і як.
— Ну, ну. Дык Дзянісаў у кусты. А далей?
— Што далей? Далей — як пырсне чарга, дык мы вобзем. Чую, морда ўся мокрым
заляпана. I пагоны, барада, рукі. Аж спалохаўся. Ды не баліць. Што за
халера! А пасля бачу — ляжыць Дзянісаў, і мазгі на траве. Ты бачыў калі
мазгі на траве?
— Не, не дай Бог...
— Не дай Бог! Я аж зледзянеў. I бачу, пабеглі трое. За дубы. Я прылажыўся,
як даў — адзін вобзем. Адзін — прама, адзін — убок. Ну, ускочыў, кажу
Краўчонку: «Лапай таго!» — што ўбок, значыць. А сам за пярэднім. Як прыпушчу.
Чорт, адкуль толькі спрыту набраў. Хаця маладзейшы ж быў. I два скакуны
меў, не тое што цяпер. Як урэзаў — гляджу, даганяю. Ладны такі фрыцуга,
цыбаты, у камбінзоне. Ён па мне з-за дуба пук-пук — кулі ля вуха. А і
я за дуб. Камель — во! Ніякая куля не возьме. Ён пукне — ды за наступны.
А я — за ягоны. Так і гулялі ў даганялку. I я, ведаеш, правільна разлічыў.
Думаю, страляй, страляй, — у мяне болей патронаў. Я цябе прыцісну...
— Ге, не дужа іх лёгка было прыціскаць. Мы раз пад Аўгустовам акружылі
чалавек сто, дык біліся да апошняга. Толькі параненых некалькі засталося.
Астатнія — трупы.
— Ну... Не, я правільна скумекаў. Сышліся мы за адзін дуб. Значыць, дагнаў
я яго. Ён па адзін бок, я — па другі. Тут ужо ўцякаць яму — не з рукі,
баіцца, адбяжыць — я і тыркну ў спіну. Дык ён хаваецца. Я аўтамат напярод
і бокам за ім. Ён бокам ад мяне. я ў другі бок — ён таксама. Як дзеці.
Цяпер дык аж смешна. Тады — не да смеху, праўда, было. Злосць мяне разабрала,
ашалеў проста. За Дзянісава — такі хлапец!.. I вось якраз падляцеў — прама
на яго парабел. Чую — трэсь, курок, значыць, а стрэлу няма. Асечка, ці
што? Ці, можа, патроны ўсе?
— Асечка. Калі патроны канчаюцца, тады гэты парабел іх затвор паднімае.
Тарчком так.
— Можа, і асечка, ага. Падскочыў я ды як трахну яго прыкладам, ён і паляцеў
спотырча. Я зверху. Згрэб яго рукі, аўтамат мой не ведаю, куды і дзяваўся.
Але і ён, гадзіна, дужы, рукасты фрыц, не які там пархацік. Пісталет у
яго выпаў, ну, думаю, цяпер ты мой, галубчык. I тут трохі здзівіла мяне,
помню, рукамі ён не за мяне, а нешта за сябе хапнуўся. Так, глядзь я гэта,
а ў яго на двух пальцах ужо колца з чакой. Выдзернуў, значыць. а ў другой
граната.
— Ого!
— Я ўвесь ахалонуў, аж воласы дыбам. Але неяк паспеў, згрэб ягоную лапу
з гранатай. Як цяпер памятаю -зялёненькая такая, круглая, бы гусінае яечка,
з паскай пасярэдзіне. а ў канцы — вядома, узрывальнік. Знаеш жа — планку
адпусціць, пстрыкне і — капут абодвум. Кішкі на сучча... Дай тваіх паспрабаваць,
балгарскіх, гэтыя нягеглыя нешта. Сігарэт і тых людскіх прывезці не можа.
Гандлярка наша.
— Мусіць жа, сама не курыць?
— Сама-та не. Дык мужык курыць. Магла б пацікавіцца. А то ж без курава
— якая жызнь!
— Не дужа яны тым цікавяцца.
— Ось і бяда. Ім абы выручка і каб клопату менш. Хаця магло і на базе
не быць. I такое мажліва. Ну. Дык, значыць, сапім мы абодва і выкручваемся,
як вужы. I ўсё ж я ашчаперыў яго лапу і дзяржу, аж жылы мае трашчаць.
А ён і так, і гэтак — морда ўся ў поце, вочы на лоб, зуб сталёвы ў роце
бліскае — болей мне з таго зуб гэты запомніўся — белы, як лыжка, бліскучы.
I, мусіць, не ўтрываў я, здаў недзе. Ён і пхнуў гранату абоч, якраз ля
майго калена ў траву. Я, ужо халадзеючы, неяк злаўчыўся, нагой яе як шпоркну
ад сябе. Чую, хляснула — узрывальнік, значыць, я на другі бок за яго,
а тут як грохне — дымам, зямлёй заваліла, боль... Не дакумекаеш ужо, што
і балела. Проста боль, хоць зараві — я і ачумеў. Самлеў. Нічога не помню.
— Во і ў нас гэтак было. На Пулкаўскім. Наш аддзялённы Яфімкін першы ўварваўся
ў дзот, схапіў кулямёт іхні... I давай...
— Ты чакай... Ачнуўся, чую — смярдзіць калёным, падняў галаву — млосна
і ванітаваць хочацца. Ляжым мы крыж-накрыж — ён, праўда, на мне — і недзе
рыззё тлее. А пада мной мокра — кроў яго і мая — усё ў адной лужыне. Неяк
сапхнуў яго — камбінзон у шматы, ўся спіна, знаеш, нібы ваўкі яе рвалі.
Але і я — не дай Бог! Крануўся — чую, хана! Нага нежывая, косць тырчыць,
ад бота — кірзовыя ласкуты. Давай крычаць. Разы два вякнуў і зноў самлеў.
— Ну! Ведама ж, калі крыві столькі. I яшчэ вады хочацца, ага?
— Во праўда. Смага — гарэла ўсё.
— Гэта ад крыві. Кроў выходзіць — піць хочацца. Знаю... I з Яфімкіным
так было, ледзь уратавалі. Ну, прадставілі яго да Героя, а нас — каго
да Айчыннай, каго да адвагі...
— Усё ж пашэнціла. Пачулі сапёры. Унялі кроў, вывалаклі мяне на дарогу.
У таго фрыца дакументы забралі. Прывязлі ў вёску, дзе штаб наш. А Краўчонак
ужо сядзіць на прызбе, чакае палкоўніка да залівае хлопцам, як немца лавіў.
Аказваецца, і ягоны фрыц тут жа, у хаце. Як мы разбегліся ў лесе, Краўчонак
з ім дужа не цацкаўся -куляй цюкнуў у плячо, той і задраў руку ўгору.
Ну, Краўчонак і выгнаў яго на дарогу. Падбеглі байцы — глядзяць, што за
звер. А немчык стары такі, з адышкай, даволі плюгаваты — словам, нікчэмны
фрыцок. Адно толькі пагоны нешта дужа кручоныя. Павялі ў штаб, а там як
убачылі, як набеглі, — аказаўся генералам, крыж такі меў з дубовымі лісцямі.
Ну яго, канешне, на самалёт і — у штаб фронту. Да самаго камандуючага.
А мой фрыц, калі раскумекалі ў дакументах, быў ягоны шафёр. Каб на цябе
халера! Ну, вядома, праз месяц Краўчонку — ордэн Леніна, сяржанта прысвоілі.
Во як! А я ўжо на тым і скончыў — сем месяцаў у шпіталі — адзінаццаць
ран, не жартачкі. Нагу адцяпалі па калена. Во як!
— А мы гэта свае мядалькі праз тыдзень і палучылі. А Яфімкін, бедалак,
прыходзіць са шпіталю, няма нічога. Кажуць — на Героя не пацягнуў. Так
і застаўся без нічога.
— Ну дык гэта што! А Краўчонка ў штаб узялі. Як жа — з такім ордэнам.
Гэткай узнагароды нават палкоўнік не меў. Дэмабілізаваўся — у калгас ужо
не пайшоў, старшынёй сельпа паставілі. Вунь паглядзеў бы на яго дамоўку.
— Бачыў. З верандай, сінім пафарбавана.
— Ну. Жыве чалавек! Але хай! Я не шкадую. Супраць нічога не маю. Толькі
думаю: ось жа каму пашэнціць, а каму і не...
— Гэта так, канешне.
— Во я і кажу.
— Жыццё! Глядзі, а ў цябе ўжо і бульбачка зацвітае. Скараспелка?
— Ну. Ледзьве пад старасць на жыццё ўзбіўся. А то ўсё па бальніцах. I,
халера на яго, — бо не за тым пабег. Але хто ж ведаў, за кім было бегчы.
— А я сваю ўжо раз паганяў. Ды дрэнь нешта. Калі б сорт памяняць.
— Ось так яно. А бульба што — вырасце. Хоць драбненькая. Вунь лета быццам
нішто стаіць.
— Лета нішто. Людскае.
— Ну! А ты кажаш...
1966
|